Энцыклапедычная даведка
ПАДЛЕССЕ (Вялікае Падлессе) — вёска, цэнтр Падлескага с/с, за 8 км на ПнУ ад горада і чыг. ст. Ляхавічы, 0,5 км ад чыг. прыпынку Падлессе на лініі Баранавічы—Асіповічы, на аўтадарозе Падлессе—Ляхавічы. 347 двароў, 708 жыхароў (2005).
Вядома з 16 ст. у Навагрудскім пав. ВКЛ. У пісьмовых крыніцах сустракаецца пад назвамі Подлешаны, Подлесье, Полесье, Вялікае Падлессе. У 1553 г. Подлешаны — сяло Ляхавіцкай вол., асабістая ўласнасць вял. кн. літ. і караля Польшчы Жыгімонта II Аўгуста. У 1553 і 1561 гг. сяло згадваецца ў сувязі з валочнай памерай, якую праводзіў рэвізор А.А.Ільгоўскі. У 1637 г. па фундацыі мсціслаўскага ваяводы Г.Сапегі ў Падлессі пабудавана драўляная Свята-Духаўская царква (у 2-й пал. 18 ст. пабудаваны новы драўляны храм, які захаваўся да нашага часу). У 2-й палове 18 ст. Падлессе – сяло маёнтка Ляхавічы, з 1760 і 1790 гг. належала Масальскім, у 1775–90 гг. уваходзіла разам з іншымі населенымі пунктамі маёнтка ў дзярж. староства (у 1789–90 гг. у часовым валоданні Навагрудскага ваяводы Ю. Несялоўскага). Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Рас. імперыі, у Нясвіжскім, з 1796 г. у Слуцкім паветах Мінскай губ. У 1793 г. Падлессе ў складзе Ляхавіцкага маёнтка перададзена графам Касакоўскім. У 1847 г. на месцы сучаснай вёскі і вакол яе на тэр. маёнтка Ляхавічы існавалі: сяло Падлессе Зубелевіцкае фальварка Зубелевічы, 21 двор, 412 жыхароў, Свята-Духаўская царква, каля 50 валок зямлі; вёска Падлессе Жарабковіцкае фальварка Жарабковічы, 15 двароў, 122 жыхары, 12 ¾ валокі зямлі; вёска Падлессе Свіскаўскае фальварка Свіскаўшчызна (Свіцкаўшчызна), 38 двароў 317 жыхароў, больш як 26 валок зямлі. У 1886 г. Падлессе (Свіскоўскае, Зубелевіцкае, Жарабковіцкае) — сяло Ляхавіцкай вол., 70 двароў, 793 жыхары, 2 праваслаўныя царквы, капліца, ветраны млын. У 1897 г. у сяле 149 двароў, 1025 жыхароў царква, капліца, хлебазапасны магазін, піцейная ўстанова. Побач з сялом знаходзілася аднайменнае аднаселле, 2 будынкі, 13 жыхароў. У 1909 г. у сяле 196 двароў, 1161 жыхар, школа; у аднаселлі — 15 жыхароў. З 1921 г. у складзе Польшчы, вёска ў Ляхавіцкай гміне Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв., 252 двары, 1251 жыхар (1921). З 1939 г. у БССР, з 15.1.1940 г. у Ляхавіцкім p-не Баранавіцкай вобл. З 12.10.1940 г. вёска — цэнтр Падлескага с/с. З 8.1.1954 г. у Брэсцкай вобл. 3.7.1972 г. сельсавет перайменаваны ў Жарабковіцкі, з 1.5.1981 г. вёска — цэнтр адноўленага Падлескага с/с. У 1940 г. у вёсцы 300 двароў, 878 жыхароў маторны і ветраны млыны, маслазавод, будынак для апрацоўкі льновалакна, няпоўная сярэдняя школа, хата-чытальня, гандл. кропка, царква. У 1941 г. вяскоўцы аб’ядналіся ў калгас імя Леніна. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 г. да ліп. 1944 г. вёска акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. У раёне вёскі ў баях з ням.-фаш. захопнікамі ў 1941 і 1944 гг. загінулі 139 воінаў Чырвонай Арміі (пахаваны каля будынка Дома культуры, у 1957 г. на брацкай магіле ўстаноўлены помнік). У 1949 г. у вёсцы адноўлены даваенны калгас. У 1959 г. было 1251, у 1970 г. — 1274 жыхары. У 2002 г. — 362 двары, 773 жыхары, цэнтр калгаса імя Леніна (аб’ядноўваў 4 вёскі).
Працуюць дзіцячы сад, 4 магазіны, аддз. сувязі, медпункт, сярэдняя школа, б-ка, Дом культуры, фельч.-акушэрскі пункт. У вёсцы нарадзіўся бел. спявак і музычны дзеяч М.М.Пігулеўскі.