Падлеская святадухаўская царква
Помнікам архітэктуры народнага дойлідства з’яўляецца Святадухаўская царква ў вёсцы Вялікае Падлессе.Яна пабудавана ў 2-ой палове 18 стагоддзя.Спачатку Падлеская царква дзейнічала як прыпісаная да ляхавіцкай Георгіеўскай царквы, а пасля разбурэння апошняй ў канцы 18 стагоддзя была пераўтворана ў самастойную прыходскую царкву.
Звесткі, што захаваліся з 1879 года, сведчаць:
святадухаўская царква была пабудавана з дрэва на каменным падмурку , знешне нагадвала прамавугольнік. Храм меў два купалы (адзін адкрыты, другі глухі ), трое ўваходных дзвярэй, аднаярусныя вокны, дашчаныя столь і падлогу. Іканастас быў дашчаты з пазалочанымі карнізамі і рамамі. Яго складалі 12 абразоў, што размяшчаліся ў 3 ярусы. У царкве знаходзіўся цудадзейны абраз БОЖАЙ МАЦІ.
Да Святадухаўскай царквы была прыпісана дамавая драўляная царква, што знаходзілася пры доме свяшчэнніка ў сяле Падлессе. Дамавая царква ацяплялася, у ёй вяліся богаслужэнні ў зімовы час і непагадзь.
Царква захавалася да нашага часу і дзейнічае. Яна мае традыцыйную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю, прамавугольны ў плане, асноўны аб’ём, завершаны 5-гранным алтарным зрубам, па баках далучаныя прыбудовы рызніц. Усе зрубы аб’яднаны двухсхільным гонтавым дахам, вільчык якога завершаны дзвюма фігурнымі вежачкамі.
Заходні фасад ааформлены 6-калонным порцікам, прыбудаваным у 19 стагоддзі. Абразы ў царкве маюць вялікую каштоўнасць. У 2005 годзе тут быў запалены святы агонь. У званіцы , пабудаванай каля царквы, знаходзілася 4 званы ад 14 пудоў да 1 пуда.
У склад прыходу, акрамя сяла Падлессе, уваходзіла 9 навакольных вёсак. На 1879 год у прыходзе налічвалася 1136 вернікаў-мужчын і 1177 прыхаджанак.
Пры падлескай праваслаўнай царкве працавалі царкоўна-прыходскія папячыцельства і школа.
У 2009 годзе адбылася важная падзея ў жыцці падлескіх вернікаў — быў знойдзены валун, які, па здагадках, з'яўляецца тым самым каменем, на якім з'явілася абраз Божай Маці. Сёння гэты камень, які мае сваю поўную загадак гісторыю, захоўваецца ля алтара храма.
Вёска славіцца і сваімі сынамі веры. У 1935 годзе ў Падлескую парафію прыехаў айцец Фёдар Рубановіч, які ў хуткім часе быў закатаваны бальшавікамі ў Аршанскай турме. У Падлессі нарадзіўся і быў выхаваны ў праваслаўнай веры Прападобнамучанік архімандрыт Серафім Жыровіцкі (Шахмуць). За сваю бязмежную веру і служэнне Богу і людзям, Серафім Жыровіцкі прыняў жудасную смерць. У 2006 годзе ён быў прылічаны да спісу навамучанікаў і прапаведнікаў. Штогод 6 верасня парафіяне Святадухаўскай царквы святкуюць дзень памяці свайго земляка.