Знакамітыя людзі нашай мясцовасці
Бярозка Анатоль (Мацей Смаршчок, 1915-2008)
беларускі паэт, доктар медыцыны.
Нарадзіўся 19 лютага 1915 года у вёсцы Вялікае Падлессе Ляхавіцкага раёна. Яго вершы надрукаваліся ў часопісе для дзяцей «Заранка», які выдавала Зоська Верас у 1927–1931 гадах у Вільні. У 1930-я гады публікаваў свае вершы ў віленскіх перыядычных выданнях, падпісваўся як Анатоль Бярозка. Рэдагаваў часопісы «Шлях моладзі», «Калоссе», рукапісны гумарыстычны часопіс «З-за плоту». У 1948 годзе выехаў у ЗША, праславіўся як выдатны медык.
Мікалай Іванавіч Таранда — жывапісец і графік, член Беларускага саюза мастакоў.
Нарадзіўся 15 жніўня 1947 г. у вёсцы Вялікае Падлессе Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута (1965–1970 гг.).
Кіраваў студыяй выяўленчага мастацтва Палаца культуры завода «Чырвоны Кастрычнік» у Оршы, займаў пасаду начальніка бюро прамысловай эстэтыкі (1970–1994 гг.). У 1984–1985 гг. удзельнічаў у распрацоўцы і стварэнні помніка жыхарам горада Барані, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны.
І ў студэнцкія гады, і пасля заканчэння інстытута Мікалай Таранда шмат часу прысвячаў самаадукацыі, працы ў майстэрні і на пленэры. У творчых паездках (у тым ліку сумесных з настаўнікам Алегам Арловым) на Палессе, у Літву, па Купалаўскіх мясцінах, у Крым, Уладзімір, Суздаль мастак удасканальваў уласны стыль у жывапісе. Паездкі ў Дом творчасці «Сенеж» (у 1977 і 1983 гг.) дапамаглі рэалізаваць талент графіка, засвоіць новыя тэхнікі.
Першая персанальная выстава адбылася ў 1973 г. у Оршы. Прыняты ў Саюз мастакоў СССР у 1989 г.
З 1994 г. цалкам прысвячае сябе творчасці. Персанальныя і калектыўныя выставы праходзяць у Палацы мастацтваў, Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў, Касцёле св. Сымоны і Алены (Мінск), у выставачных залах Віцебска, Полацка, Оршы, а таксама ў Вязьме і Смаленску. Удзел у міжнародных пленэрах жывапісу ў горадзе Пернік (Балгарыя) у 1999 і 2004 гг. натхніў мастака на стварэнне серый фармальных работ.
Мікалай Таранда — актыўны ўдзельнік рэспубліканскіх і міжнародных пленэраў і майстар-класаў, суарганізатар міжнароднага арт-праекта «Калегіум» у Аршанскай гарадской мастацкай галерэі В. А. Грамыкі (2009–2016 гг.). З 2010 г. стала супрацоўнічае з творчым аб’яднаннем «Традыцыя» Беларускага саюза мастакоў.
Жыве і працуе ў горадзе Баранi.
Работы мастака знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў (Мінск), Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы, Мастацкай галерэі Палаца мастацтваў горада Пернік (Балгарыя), Смаленскім дзяржаўным інстытуце мастацтваў (Расія), Віцебскім абласным краязнаўчым музеі, Аршанскай гарадской мастацкай галерэі В. А. Грамыкі, Аршанскім музеі гісторыі і культуры горада, Мастацкай галерэі Полацка, у прыватных калекцыях у Беларусі, Балгарыі, Германіі, Латвіі, Літве, Польшчы, Расіі, ЗША.
Адкрыццё выставы Мікалая Таранды ў Нацыянальным мастацкім музеі
ПІГУЛЁЎСКІ Мікалай Мікалаевіч
(15.10.1897 — 16.03.1967)
беларускі артыст оперы (лірыка-драм. барытон).
Мікалай Мікалаевіч Пігулеўскі нарадзіўся 15 кастрычніка 1897 года ў вёсцы Вялікае Падлессе Ляхавіцкай воласці Слуцкага павета Мінскай губерні (цяпер Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці). У 1919 годзе быў членам Ляхавіцкага валаснога рэўкома.
У 1920–1924 гадах — артыст Беларускага дзяржаўнага тэатра. Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (1925), Беларускі музычны тэхнікум (1928), Беларускую студыю оперы і балета (1933). У 1933–1935 гадах — саліст Дзяржаўнага тэатра оперы і балета БССР. Артыст лірыка-драматычнага плана, выконваў галоўныя партыі ў операх рускіх і замежных класікаў: Анегін, Ялецкі («Яўген Анегін», «Пікавая дама» П. Чайкоўскага), Гразны («Царская нявеста» М. Рымскага-Корсакава), Валянцін («Фауст» Ш. Гуно) і інш.
Мікалай Пігулеўскі некаторы час настаўнічаў у роднай вёсцы Вялікае Падлессе.
Ён першы стаў арганізоўваць харавыя гурткі пры школе, куды ўваходзіла і вясковая моладзь. З гэтага часу фактычна пачынаецца росквіт самадзейнага хору беларускай народнай песні Вялікага Падлесся. Мікалай Пігулеўскі ўмацаваў думку ў самадзейных артыстаў, што вясковыя песні неабходна заспяваць у горадзе дзеля таго, каб іх перадалі па радыё, каб яны iшлі ў людзі. З гэтай думкай і звярнуліся вясковыя спевакі ў абласны Баранавіцкі радыёкамітэт. Там яны спаткаліся з маладым этнографам Генадзем Іванавічам Цітовічам, які працаваў тады ў музычным аддзеле радыёкамітэта Баранавіцкай вобласці. Падлескі хор знайшоў моцную падтрымку з боку знакамітага этнографа. Г. I. Цітовіч пачынае працаваць з самадзейным хорам. А ўдзел у Дэкадзе беларускага мастацтва ў Маскве даў сапраўдны штуршок для станаўлення знакамітага калектыву.
У час Вялікай Айчыннай вайны Мікалай Пігулеўскі з сям’ёй апынуўся ў г. Арджанікідзэ на Каўказе, дзе ўдзельнічаў у музычнай групе. У 1942–1944 гадах — саліст Дзяржаўнага тэатра оперы і балета БССР. Выступаў на Паўночна-Заходнім фронце ў складзе франтавых канцэртных брыгад (з Л. Александроўскай, І. Жыновічам і інш.).
Жонка, Аляксандра Уладзіміраўна, закончыла філалагічны факультэт БДУ, перад вайной была ўключана ў склад камісіі па змяненні беларускай граматыкі, рэцэнзіравала творы Якуба Коласа. Іх сын, Уладзімір Мікалаевіч Пігулеўскі, у Арджанікідзэ стаў шафёрам, удзельнічаў у перагонцы аўтамабіляў, што пастаўлялі амераканцы праз Іран; быў паранены пры авіяналёце, лячыўся ў Ташкенце, дзе пасябраваў з Якубам Коласам; затым ваяваў на Украiнскiм фронце, прайшоў з баямі ад Роўна да Вены, узнагароджаны ордэнамі і медалямі. З 1950 года жыў у Пінску, працаваў у будаўнічых арганізацыях.
Спявак актыўна гастраляваў па Беларусі ў складзе Першага беларускага вакальнага квартэта, што існаваў у 1927–1965 гадах. Калектыў вызначаўся роўнасцю гучання, зліццём галасоў, тонкай нюансіроўкай. Зрабіў шмат фондавых запісаў на радыё, выступаў у адкрытых канцэртах.
Артыст М. М. Пігулеўскі актыўна прапагандаваў беларускую вакальную музыку. Выконваў і папулярызаваў камерныя творы беларускіх кампазітараў (М. Анцава, М. Аладава, М. Чуркіна і інш.). Працаваў адказным рэдактарам музычнага вяшчання на Беларускім радыё ў 1948–1953 гадах. Мікалай Мікалаевіч займаўся грамадскай справай — у 1953–1959 гадах быў адказным сакратаром праўлення Саюза кампазітараў БССР. У 1957 годзе ўдастоены звання «Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР».
М. М. Пігулеўскі памёр 16 сакавіка 1967 года.
Ракуць Віталь Сцяпанавіч
(1928–2012),
вучоны ў галіне акушэрства і гінекалогіі, хірург, прафесар, педагог
Віталь Сцяпанавіч Ракуць нарадзіўся 1 кастрычніка 1928 г. у вёсцы Падлессе Ляхавіцкай гміны Баранавіцкага павета Навагрудскага ваяводства (цяпер Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці). Пасля заканчэння ў 1953 г. Мінскага медыцынскага інстытута працягваў вучобу ў клінічнай ардынатуры на кафедры акушэрства і гінекалогіі. У 1960 г. В. С. Ракуць паспяхова абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме «Восстановление жизненных функций организма при асфиксии внутриартериальным введением комплекса лекарственных веществ».
Далейшая працоўная дзейнасць В. С. Ракуця была непасрэдна звязана з Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім інстытутам. У 1961 г. малады вучоны быў абраны па конкурсе на пасаду дацэнта кафедры акушэрства і гінекалогіі, а з 1967 г. узначаліў гэтую кафедру. У 1976 г. паспяхова абараніў доктарскую дысертацыю па тэме «Артериальная гипотония у беременных и рожениц (вопросы патогенеза, клиника, диагностика, лечение)». У 1977 г. яму прысвоена вучонае званне прафесара.
В. С. Ракуць з’яўляўся выдатным педагогам. Яго лекцыі ўтрымлівалі цікавую інфармацыю, былі даступны для разумення. Дабрыня, чэснасць, інтэлектуальнасць, імкненне дапамагчы людзям, сціпласць, рэдкі дыпламатычны дар прыстойна вырашаць канфліктныя сітуацыі здабылі Віталю Сцяпанавічу шчырую ўдзячнасць і павагу студэнтаў і калег.
Усе навуковыя даследаванні Віталя Сцяпанавіча былі накіраваны на паляпшэнне аховы здароўя маці і дзіцяці, яны выкладзены ў больш чым 180 навуковых працах, у т. л. 1 манаграфіі, 4 метадычных рэкамендацыях па розных лячэбных і педагагічных пытаннях. Пад рэдакцыяй Віталя Сцяпанавіча выдадзены 2 тэматычныя зборнікі навуковых прац. Меў 3 аўтарскія пасведчанні на вынаходніцтвы і больш за 20 — на рацыяналізатарскія прапановы, накіраваныя на ўдасканаленне акушэрска-гінекалагічнай дапамогі жанчынам.
В. С. Ракуць неаднаразова выступаў з бліскучымі дакладамі на з’ездах, канферэнцыях, семінарах у Беларусi, краінах СНД, а таксама ў Германіі, Польшчы, Венгрыі. Узнагароджаны Ганаровымi граматамі Міністэрства аховы здароўя і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, медалём «За доблесную працу», яму прысвоена званне выдатніка аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.
Пры велізарнай прафесійнай загружанасці Віталь Сцяпанавіч выконваў значную грамадскую работу. Неаднаразова абіраўся дэпутатам Гродзенскага гарадскога Савета народных дэпутатаў. На працягу многіх гадоў быў членам праўлення Усесаюзнага і Рэспубліканскага навуковага таварыства акушэраў-гінеколагаў і неанатолагаў, з 1967 г. — старшыня абласнога таварыства акушэраў-гінеколагаў і неанатолагаў.
В. С. Ракуць памёр 15 студзеня 2012 г.