top of page

Нацыянальны касцюм Ляхавіцкага строю

      Вёска Вялікае Падлессе – край, які мае сваю асабістую гісторыю, сваю спадчыну, свой этнаграфічны каларыт.

     Гэта толькі здаецца, што мінулае – нешта далекае, што існуе ў ізаляваным ад нас часе. Не, мінулае вакол нас, з ім можна сутыкнуцца на кожным кроку.

84.jpg

      У беларускім народным касцюме – Падлескі строй – адзін з яркіх, маляўнічых, непаўторных па аздабленні і пластыцы строяў цэнтральнай Беларусі.

      У адзенне рэгіёна, а дакладней у касцюмы з нашай вёскі, вёскі Вялікае Падлессе Ляхавіцкага раёна , былі апрануты першыя артысты Дзяржаўнага народнага хору Беларускай ССР, створанага тут Генадзем Іванавічам Цітовічам.

      Асаблівасці яго ў формах, арнаментыцы, кроі і каларыце, спосабах нашэння, галаўных уборах і прычосках.

 Летні святочны касцюм жанчыны складаўся з кашулі,спадніцы (выбіванка, андарак, плацянковая спадніца);фартуха,пояса,гарсэта,галаўнога ўбору (падвічка, намітка, шапка, хустка, чапец); шыйных, нагрудных і наспінных упрыгожванняў(пацеркі,тасемкі, стужкі).

       Кашулі шылі з ільнянога кужэльнага палатна. Кроілі з прамавугольных кавалкаў тканіны і аздаблялі ўзорам ці арнаментам.

    Спадніца захапляе дзівосным суладдзем рознакаляровых, нібы сапраўдная вясёлка, сакавітых шлякоў. Гарызантальна закампанаваныя, яны чаргаваліся са шчыльным цёмна-сінім, чорным ці чырвоным колерам фону. Шырокія, кроеныя з чатырох – пяці полак,спадніцы прасаваліся ў дробныя складкі-фалды, што надавала дынамічную пластыку жаночаму касцюму.

       Фартух запіналі спераду, паверх спадніцы. Белы з дзвюх полак кужалю аздабляўся ў стылі кашулі. Як і спадніца, прасаваўся у складкі. Пазней шылі фартухі з стракатых крамных тканін.

       Пояс  апяразваў спадніцу, а часам і фартух. Вузкі, тканы геаметрычнымі ўзорамі у чырвона-зяленым каларыце, завязваўся спераду.

       Гарсэт у Падлескім строі быў вельмі разнастайны па кроі і аздабленні. Доўгі, пашыты з клятчастай блакітна-шэра-зяленай суконнай даматканкі, з баскай у выглядзе чатырох клінкоў-“кляпачкаў”.Спераду ён  меў глыбокі выраз на грудзях.Аздабляліся такія гарсэты каляровай аблямоўкай, нашыўкамі тасьмы, вышыўкай з воўны,рознакаляровымі гузікамі.

         Галаўныя ўборы і прычоска – самыя адметныя рысы Падлескага строю.Дзяўчаты расчэсвалі валасы на прабор і запляталі ў дзве касы.Канцы кос злучаліся дэкаратыўным пасам, які ў многім вызначаў малюнак, пластыку касцюма са спіны.Замужнія жанчыны не запляталі кос, а накручвалі валасы на тканку,паверх якой надзявалі намітку,падвічку або хустку.

         Асаблівую узнёсласць і маляўнічасць дынамічна-пластычны сілуэт касцюму надавала падвічка. Круглая, вышынёй каля 15 сантыметраў, чырвоная,сіняя,ці залацістая,аздобленая нашыўкамі каляровых стужак, букетам жывых,ці штучных кветак. У позніх галаўных уборах з хусткай спераду прышпільваліся вялікія жмуты зяленай травы.

        Мужчынскае адзенне складалі: кашуля навыпуск,пояс,шарачковыя нагавіцы. У якасці цеплай вопраткі насілі шэрыя сермягі з складкамі на спіне.Галаўнымі ўборамі былі саламяныя капелюшы,упрыгожаныя чырвонымі стужкамі, кветкамі, або каласкамі жыта.Традыцыйным святочным абуткам былі чаравікі ці боты, а будзённым лапці з дубовага лыка.

         Хараство і непаўторнасць Падлескага строя ў маляўнічых галаўных уборах, у строгасці арнаменту, у якім амаль адсутнічаў рамбічны ўзор і раслінныя матывы, у сакавіта мажорнай, каларыстычнай гаме андаракаў.

bottom of page